Сёння, 21 лютага, ва ўсім свеце адзначаецца Дзень роднай мовы. Ён асаблівы для кожнай нацыі, кожнага народа, бо няма народа без мовы, няма мовы без яе носьбіта, без традыцый. Родная мова – гэта адначасова i культура, i спадчына народа.
У Мінскім радыётэхнічным каледжы 21 лютага, як заўсёды, весела і цікава адсвяткавалі Дзень роднай мовы. Свята падрыхтавалі і правялі выкладчыкі цыклавой камісіі сацыяльна-гуманітарных прадметаў, а таксама навучэнцы пешага курса. Арганізатары прапанавалі ўсім жадаючым і аматарам роднага слова паўдзельнічаць у інтэрактыўным майстар-класе па стварэнні беларускіх лялек-абярэгаў. Нашы продкі верылі, што такая цацка носіць не толькі забаўляльны характар, але і сакральны сэнс: можа абараніць ад непрыемнасцей ці злога вока, а таксама паспрыяць дабрабыту і здароўю яе ўладальніку. Удзельнікі свята з вялікай цікавасцю і спрытам стваралі такія лялькі-абярэгі для сябе і сваіх родных, праяўляючы сваю выдумку і творчасць. Вясёлы настрой нашаму мерапрыемству надавала беларуская народная музыка і дзяўчаты, апранутыя ў прыгожыя нацыянальныя касцюмы.
Асаблівую зацікаўленасць і захапленне ў наведвальнікаў выставы выклікалі прадметы, зробленыя рукамі нашых навучэнцаў. Самыя актыўныя ўдзельнікі атрымалі арыгінальныя падарункі-- самаробныя мяшэчкі з вышытымі на іх беларускімі сімваламі шчасця,багацця, дабрабыту. Непоўторны нацыянальны каларыт мерапрыемства стваралі аўтэнтычныя ручнікі бабуль і прабабуль нашых навучэнцаў, якія былі прынесены для выставы загадзя.
Сённяшняе свята нікога не пакінула абыякавым. Спадзяемся, што яго наведвальнікі будуць ганарыцца і берагчы нашу мову, нашы традыцыі, нашу культуру, каб з годнасцю перадаць наступным пакаленням.